СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання і металаапрацоўкі па вытв-сці с.-г. машын, а таксама агрэгатаў, вузлоў, дэталей, запчастак да іх. Гал. задача С.м. — забеспячэнне комплекснай механізацыі с.-г. вытв-сці. Узнікла ў пач. 19 ст. ў Вялікабрытаніі, потым у ЗША, да канца 19 ст. С.м. мела Францыя, Германія, Швецыя. У Расіі прадпрыемствы па вытв-сці с.-г. інвентару з’явіліся таксама ў 19 ст. (гал. чынам рамонтныя майстэрні замежных гандл. фірм). З 2-й пал. 1920-х г. пачаўся выпуск трактарных культыватараў і плугоў, збожжаўборачных камбайнаў і інш.
На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. існавалі невялікія майстэрні па вырабе і дробным рамонце с.-г. інвентару. У 1840-х г. у мяст. Ракаў Мінскага пав. створаны майстэрні па вытв-сці плугоў, веялак, малатарняў, у 1859 пры Горы-Горацкім земляробчым ін-це пабудаваны дзярж. з-д (вырабляў часткі да эксперым. с.-г. машын), у 1901 у Лідзе засн. чыгуналіцейны з-д, які выпускаў с.-г. інвентар. У 1918—30 с.-г. машыны (бульбакапалкі, каранярэзкі, веялкі, плугі, малатарні, сячкарні) вырабляліся ў Віцебску (з-д «Чырвоны металіст»), Мінску (з-д «Энергія»), Гомелі (з-д «Рухавік рэвалюцыі»). У 1930 пабудаваны Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання («Гомсельмаш»). Пасля Вял. Айч. вайны буйныя прадпрыемствы пабудаваны ў гарадах Магілёў, Бабруйск, Брэст, Ліда, Баранавічы і інш. На 1.1.2001 існуе больш за 60 прадпрыемстваў і вытв-сцей С.м., у т. л. Брэсцкі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, адкрытае акц. т-ва «Лідсельмаш» (гл. Лідскі завод сельскагаспадарчых машын), Мінскі трактарны завод. Некат. простыя с.-г. механізмы выпускаюць майстэрні райаграпрамтэхнікі ў Лоеве, Ельску, Рагачове, Жыткавічах, Ашмянах і інш. раённых цэнтрах рэспублікі (пра вытв-сць некат. відаў с.-г. машын гл. ў табліцы).
П.І.Рогач.
Вытворчасць некаторых відаў прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання Беларусі
| Віды прадукцыі, тыс. штук |
Гады |
| 1990 |
1995 |
1999 |
| Камбінаваныя агрэгаты |
1,2 |
0,1 |
0,4 |
| Кормаўборачныя камбайны (у т. л. самаходныя) |
9,5 |
1,1 |
0,4 |
|
1,1 |
0,8 |
0,4 |
| Трактарныя бульбасаджалкі |
9,8 |
0,2 |
0,08 |
| Бульбаўборачныя машыны |
15,4 |
1,6 |
1,4 |
| Машыны для ўнясення ў глебу арганічных угнаенняў |
32,2 |
0,5 |
0,1 |
| Трактарныя культыватары |
1,2 |
1,2 |
0,5 |
| Трактарныя граблі |
1,6 |
0,3 |
0,6 |
| Плугі конныя |
9,5 |
0,02 |
0,1 |
| Бароны зубавыя |
249,4 |
1 |
1 |
| Цеплагенератары |
25,7 |
0,7 |
0,3 |
т. 14, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)